Браслаўчанкі падзяліліся ўражаннямі ад удзелу ў II Рэспубліканскім форуме працаўніц вёскі

Гонару ўдзельнічаць у ім зноў удастоены дзве работніцы СВК «Маяк Браслаўскі» – аператары па адкорме і дарошчванні свіней свінагадоўчага комплексу Іна Казлоўская і Таццяна Бабуль. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў форуме.

Іна КАЗЛОЎСКАЯ: – Шчыра кажучы, апошні раз мне даводзілася быць у Мінску яшчэ ў студэнцкія гады, і я вельмі ўдзячная арганізатарам мерапрыемства і кіраўніцтву СВК за магчымасць зноў убачыць гэты горад і наведаць сталічныя ўстановы культуры.

Два дні мы жылі ў гасцініцы і ездзілі на экскурсіі – у Нацыянальную бібліятэку, Свята-Елісавецінскі манастыр, музей Вялікай Айчыннай вайны.

Цікава праходзіла і цэнтральная падзея форуму, на якім з прывітальным словам выступіў старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Русы. Пасля для ўсіх прысутных паказалі балет «Ганна Карэніна». Дарэчы, на такім прадстаўленні я была ўпершыню ў сваім жыцці.

Таццяна БАБУЛЬ: – Я рада, што мне выпаў шанц быць удзельніцай ІІ Рэспубліканскага форуму працаўніц сяла. Гэтыя два дні ў Мінску, упэўнена, запомняцца мне на ўсё жыццё. Для нас была арганізавана вельмі цікавая і насычаная праграма. Спадабалася ўсюды, дзе былі, але больш за ўсё мяне ўразіў музей Вялікай Айчыннай вайны: сам будынак, залы ды экспазіцыі здзіўлялі сваёй веліччу. Экскурсавод цікава і падрабязна апавядала пра гістарычныя падзеі і адказвала на нашы пытанні. Час ад часу беглі мурашы па целе ад жахлівых эпізодаў. Упэўнена, што пра подзвіг народа ў гады вайны павінен ведаць кожны беларус, ад малога да дарослага, а гэты музей дапаможа захаваць памяць. 

Вольга ПАТАПОВІЧ

С сайта газеты “Браславская звезда”